ЛЕГЕНДА "АДКУЛЬ ПАЙШЛІ БЕЛАРУСЫ"
Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стояла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што. Адзін раз Пярун як разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачыла тры яскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя яскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высветлілася, дык і адзначылася – дзе вада, дзе зямля.
А яшчэ па некаторым часе завялося і ўсякае жыццё і ў вадзе, і на зямлі. І лясы, і травы, і звяры, і рыба, а пасля і чалавек завёўся: ці ён прыйшоў адкуль, ці вырас тутака.
Па некаторым часе гэты жыхар стаў заводзіць свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было яму прозвішча Бай. А як прыйшла яго гадзіна смерці, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі аднаго сына запамятаваў. Той у гэты час быў на палешні (паляванні), і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь.
Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палешні. А браты яму кажуць: – Вось бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваіх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго – у правы бок, а другога – у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.
Вось пайшоў Белаполь і злавіў дзвух птушак, прыляцеўшых адну з паўднёвага мора, другую з заходняга. Пусціў адну птушку на поўдзень, ды і кажыць адной сабаке: – Бяры!
Пусціў другую на захад і кажа другой: – Хапай!
Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі… Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася… Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок – Дняпро.
Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца ды заводзіць свае лады…
У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя пляменні пад прозвічам БЕЛАРУСЫ. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеяць.
Шануйце родную мову
Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…
Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму.
Мова... Наша родная мова... Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек — усе маюць сваю мову. «Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», — пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з'яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваей мэты. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Памятаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад радзімы. Цяпер мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
Мова — гэта душа народа. Нагадаем словы народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”. Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ей мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены...
Янка Купала
Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям. “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова заўседы застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай.